Библиотека в кармане -русские авторы


                

Абдулаева Сахиба - Панаванне Жанчын (На Белорусском Языке)


Сахiба Абдулаева
Панаванне жанчын
Пераклад: Павел Марцiновiч
Выехаўшы за межы горада, машына прыбавiла хуткасць. Сакавiтая зелень
палiўных палёў, чаргуючыся з жаўцiзной палос выпаленай сонцам травы, iмклiва
праносiлася мiма i, быццам знiкаючы з жыцця, заставалася дзесьцi далёка ззаду.
Горы з вяршынямi, ахутанымi смугой, з рэзкiмi белымi кляксамi ледавiкоў,
прысунулiся. I ў наблiжэннi гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.
- Паветра якое! Што за паветра!
- Праўда, - пацвердзiў Сарвар, заклапочана зiрнуўшы на нашага сына, якi
стомлена заснуў на маiх руках.
- Дзядзька, напэўна, зачакаўся, - сказаў Фатых. - Хутка прыедзем, вось
тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!
Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавiў хуткасць, сказаў нягучна:
- Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзiны ў дарозе.
Я ўдзячна ўсмiхнулася яму. Малы сапраўды стамiўся. Але калi Сарвар спынiў
машыну на абочыне дарогi, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукi. Я выйшла
з машыны, агледзелася i пагладзiла сына па худых шчоках:
- Глядзi, Джамшыд, як прыгожа?
Ля карэння старой алычы весела цурчала крынiца, падаючы на каменне з
вузкай расколiны ў сцяне. Сонца, прабiваючыся праз вадзяны пыл, павесiла над
ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явiўся бляск, губы заўсмiхалiся.
Калi мужчыны напiлiся, я ўзяла ў iх пiялу, напоўнiла яе i, адпiўшы глыток
ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вiльгацi.
- Хопiць, Шахноза, вада вельмi халодная, каб не прастыў малы, - клапатлiва
вымавiў Сарвар. - Пахадзi трошкi, разамнiся, зараз паедзем далей.
У дарогу мы рушылi хвiлiн праз дзесяць.
Седзячы на заднiм сядзеннi i прыцiскаючы да сябе схуднелае цельца
Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нiчога вакол не заўважала - мне не
верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзiлiся ў душнай, распаленай ад
гарачынi бальнiчнай палаце. I замест перадгор'яў, што беглi мiма, перад вачыма
паўставалi карцiны тых цяжкiх дзён...
Джамшыду толькi-толькi мiнуў годзiк. Радуючы нас з мужам, ён пачаў рабiць
першыя крокi: прыпаўзе ў кухню на карачках, а там, абапiраючыся на сцяну,
устане на ножкi i харобра ступiць да мяне. I праз секунду ўжо ўчэпiста
трымаецца за матчыну спаднiцу, смяецца разам з намi. Участковы доктар, якая
цярплiва лячыла нашы бясконцыя прастуды i бранхiты, сказала, што цяпер малы
павiнен хварэць меней - мiнуў самы пяшчотны ўзрост, але атрымалася ўсё iнакш.
Лета стаяла гарачае. I як я нi берагла Джамшыда, ён захварэў. Захварэў
цяжка. Тэмпература падскочыла да сарака градусаў. Не дапамаглi нi абцiраннi,
нi кампрэсы. Iртуць у тэрмометры апускалася ненадоўга i тут жа iмкнулася да
гэткай страшнай адзнакi - сорак. Дыхаў Джамшыд з цяжкасцю, амаль не
расплюшчваў вачэй. Выклiкалi "хуткую дапамогу".
У прыёмным пакоi сына доўга аглядалi, i я пачала плакаць, баючыся, што
доктар скажа што-небудзь страшнае, безвыходнае.
- Пнеўманiя, - канстатавала яна, гледзячы на нас з мужам. - Дзiця вельмi
слабое. Неабходная шпiталiзацыя.
Мы з Сарварам маўчалi, не ведаючы, што рабiць, што сказаць.
Доктар аклiкнула сястру:
- Хлопчыка ў рэанiмацыю. Увядзiце жарапанiжальнае зараз жа... А вы не
трывожцеся, як толькi стан палепшыцца, адразу перавядзём вашага малога ў
агульную палату.
Сястра спрытна напоўнiла шпрыц, увяла iглу ў ягадзiцу Джамшыда. Ён нават
не заплакаў - так выматала яго хвароба.
- Скажыце, доктар, а... - павярнулася я да доктара, але тут жа ўчула выгук
медсястры: - Зухра Рустамаўна! Яму блага!
Убачыўшы, што сынавы губы пасiнел