Библиотека в кармане -русские авторы

         

Колас Якуб - Камень (На Белорусском Языке)


Якуб Колас
Камень
Такiх прыгожых месцаў, якiм быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсцi.
Прынамсi, так думаў даўганосы бусел, каторы меў тут, на старадрэвiне, пышны
палац. А бусел усё ж такi трэцца па свеце, i на яго словы можна мець увагу.
Шумлiвая рэчка, цёмны лес, поле, луг i гурт старасвецкiх дубоў, дзе
асталяваўся бусел з сям'ёй, выглядалi весела, а падчас i шчаслiва, i гэтым
самым як бы пацвярджалi, што тут i сапраўды не кепска. Але бывалi i такiя
выпадкi, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалi, крыху гаравалi, - без гэтага
не абходзiцца ў жыццi. I хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас
нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.
Але самым шчаслiвым жыхаром быў тут, ведама, камень, - так злажылi i
згадзiлiся яго суседзi: рэчка, лес i другiя. I праўда, як нi моцныя дубы, а
ўсё ж iх матлашылi i сушылi вятры, iх палiла сонца, на iх мецiлiся цяжэрныя
хмары залатымi стрэламi пякучых маланак, а ў час навальнiцы па iх каранёх
тапталiся людзi.
Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваiх берагах пад косамi гарачага сонца i
агаляла сваё няшчаснае дно. Яе чыстае лона не раз заносiлася смеццем, гразёю i
розным брудам няпрошаных гасцей ручаёў, што вынiкалi з ласкi навальнiцы. Пра
лес i казаць няма чаго. Ой, колькi разоў даводзiцца яму, старому, перадрыжаць
усiмi жылкамi за долю сваiх сынкоў, як увойдзе сюды з блiскучай сякерай на
плячах бязлiтасны чалавек! Бывалi цяжкiя часы i для бусла. Не патрапiш у пару
вярнуцца з выраю, намерзнешся досыць, стоячы на гняздзе, i духi табе падцягне,
бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа - моцны, як
камень, i маўклiвы, як камень. Дык што яму астаецца тут? Ляжаць сабе, як пан,
у мяккiм доле. Нi дождж, нi жар для яго не страшны. Блiсне сонца, дзьмухне
вецер - i сухi камень i цёпла яму.
I месца выбраў прыўдалае!
Тут i рэчка табе вiдаць, лес, i белыя хмаркi-гускi, што плаваюць па
бязмежнаму прастору сiнiх небясоў.
А колькi жыцця навокал яго! Чарнабровыя плiсачкi любяць крыху падурэць
каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх i пачнуць такiя гамонкi, што
толькi i можна пачуць iх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, i,
пэўна, гэта каменю пяе яна такiя прыгожыя песнi, што душа замлявае. Што ж,
шанцуе яму - i толькi! Кожнаму свая доля.
Так казалi суседзi шчаслiвага каменя. Аднаго толькi не маглi сцямiць
тутэйшыя жыхары: камень нiводным слаўцом не выявiў свае радасцi, што нямала
ўсiх тут здзiўляла.
- Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!
Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа
да дубоў:
- А ведаеце, браткi, што?
- А што? - усе разам запыталi яго.
- Шчаслiвы наш камень... рассыпаўся.
- Ну?!
- Не можа быць! - зашумела рэчка.
- Што ж гэта такое? - прагукаў лес.
I ўсе дзiвiлiся такому здарэнню.
- З чаго ж такое лiха прылучылася з iм?
I нiхто не ведаў, што сказаць на гэта.





Содержание раздела