Библиотека в кармане -русские авторы

         

Колас Якуб - Кажух Старога Анiсiма (На Белорусском Языке)


Якуб Колас
Кажух старога Анiсiма
Хто толькi ведаў старога Анiсiма, той ведаў i яго стары кажух. Нiколi ён з
iм не расставаўся - нi летам, нi зiмою. Такi ўжо быў звычай у старога Анiсiма.
А як ён шанаваў гэты кажух!
Ад доўгiх часаў жыцця кажух зусiм сашмуляўся, вылiняў, i сам чорт не
сказаў бы, цi гэты кажух быў белы, цi чырвоны. Дый сам гэты кажух стаў
непадобны да кажуха, а калi яго i называлi кажухом, дык ужо ў сiлу звычаю.
Памiж мужыкоў было многа жартаў пра гэты кажух. Дзецi проста пальцамi тыкалi
на яго, як толькi дзед Анiсiм з'явiцца на вулiцу. А дзед як бы i не чуў, i
вухам не вёў. Толькi ўжо як стануць надта дапякаць, ён усярдуецца.
Калi кажух i трымаўся так доўга, дык толькi дзякуючы старому Анiсiму: чуць
дзе з'явiцца дзiрка, ён браў iголку, нiтку, чапляў на нос акуляры i садзiўся
за рапарацыю кажуха. Зашые адну дзiрку, паложыць латку, прыгладзiць, глядзiш -
у другiм месцы кажух разлазiцца. Зноў дзед садзiцца за работу. Потым ён больш
нiчога i не рабiў, як толькi стаўляў латкi. Латкi чаплялiся за латкi, то як
кастры аладак, то як кучкi медзякоў. I не было на кажусе нi аднаго жывога
месца: так застракацiлi яго белыя i чорныя нiткi i так патыкала яго iголка. А
колькi ўсякага бруду завялося ў кажусе! Ды станоўкi быў гэты дзед: нiчым яго
не пераставiш, нiяк не ўдзяўбеш яму ў галаву, што схадней зрабiць новы кажух.
- Ого! Зрабiць новы кажух! Лёгка сказаць "зрабiць новы кажух", - круцiў
дзед старымi калтунамi, пачынаў вылiчваць i заўсёды канчаў тым, што рабiць
новы кажух яшчэ рана.
- Га! Цi многа ты налiчыш, хто б меў такi добры кажух! Ведаю я цяперашнюю
моду. Зробiць стрынгаля i бегае, як кот з апечаным задам, калi мароз ударыць,
- смяяўся Анiсiм.
- Бадай ты спрогся, стары пень! - лаялiся мужыкi. - Гэта ж ён расплодзiць
такога бруду, што i не акараскацца, - заразу развядзе.
I вось маладыя хлопцы надумалiся ўкрасцi гэты кажух i спалiць. Але ж як
яго ўкрасцi? Праўда, цяпер дзед жыў адзiн - усе паразбягалiся ад яго. Толькi
прусы ды тараканы гняздзiлiся ў суседстве з дзедам. I дзед так шанаваў свой
кажух, нiколi з iм не расставаўся i так крэпка з iм зжыўся, што трудна было
пазнаць, дзе пачынаўся дзед i дзе канчаўся кажух. А зойдзеш у хату, як ён
спiць, - прусакi i ўсякi бруд так заварушыцца, што няiменна абудзiць дзеда.
Толькi ж хлопцы выбралi-такi часiну. Дзед спаў. Але i спаў ён у кажусе.
Думалi, думалi хлопцы, як выкрасцi кажух. Нiчога не прыдумалi, як толькi
расперазаць яго i лёгенька сцягнуць. Але старыя спяць чутка. Праўда, кажух
такi расперазалi. А як сталi здымаць яго, дзед абудзiўся. Стары быў яшчэ
крэпак. Як схопiцца ён, як пагонiцца за хлопцамi, як пачне латашыць кульбаю!
Не для ўсiх скончылася шчаслiва: хто сiняк зарабiў, хто лiхтар на лбе, а хто
дык i рэбер не далiчыўся. Толькi i паспелi зрабiць, што рукаў адарваць i кусок
крыса вырваць. Але дзед уставiў новы рукаў з старой аўчынкi i нават каўнер
падправiў. I ўсё ж такi фарсiць у старым кажусе.
- Ахвота вам, хлопцы, займаць старога! Бог з iм. Няхай дацягае свой век.
Колькi яму засталося? А памрэ ён, i кажух пахаваем з iм: разам жылi, няхай
разам i спачываюць.
Але хлопцы на гэтую гутарку не згадзiлiся: ходзяць за дзедам крок у крок
ды кажух яго скубуць. А выжыўшы з розуму дзед ганяецца за iмi з кульбаю.





Содержание раздела