Библиотека в кармане -русские авторы

         

Купала Янка - Беларускiя Сыны (На Белорусском Языке)


ЯНКА КУПАЛА
БЕЛАРУСКIЯ СЫНЫ
Па беларускiм бiтым шляху,
Б'ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а з iм побач
Хто?
- Беларускiя сыны!
У беларускiм вольным краi,
З ярэмнай збрыўшы старыны,
Царыць чужынец, а ў паслугах
Хто?
- Беларускiя сыны!
Над беларускай беднай хатай,
Як полка вырвана з труны,
Вiсiць чужы сцяг, а трымае
Хто?
- Беларускiя сыны!
У Беларусi спеў чужацкi,
Як над касцямi груганы,
Крумцяць чужынцы, а iх складам
Хто?
- Беларускiя сыны!
На беларускiм буйным полi
З вясны да новае вясны
Растуць крыжы, а пад крыжамi
Хто?
- Беларускiя сыны!
1919





Содержание раздела