Библиотека в кармане -русские авторы

         

Мудров Винцесь - Гiсторыя Аднаго Злачынства (На Белорусском Языке)


Вiнцэсь Мудроў
Гiсторыя аднаго злачынства
Аповесьць
Бляшаны рупар на даху аўтастанцыi засiпеў, засьвiстаў на высокай ноце, i ў
мэталёвых нетрах ягоных нарадзiўся дзявочы голас:
- Валерка, адчапiся!
Праз вузенькае вакно можна было назiраць, як маладая дыспэтчарка
замахнулася на Валерку мiкрафонам i хлопец, прыхапiўшы пад пахi шыльду з
надпiсам "Бычкi", зь вясёлым рогатам выбег на падворак.
- Аўтобус на Бычкi зь бiлетамi на 17-40 адправiцца з другой пляцоўкi.
Паўтараем...
Зычны голас сагнаў з рэпрадуктара мух, ўзьняў у паветра чараду галубоў,
падняў на ногi бычкоўскiх жанок i бабуль. Жанкi ўскiнулi на плечы хатулi з
абаранкамi, пабралi за рукi дзяцей i зь непрыхаванаю трывогай паглядзелi ў бок
прыстанцыйнага павiльёну.
Лапацелi крыламi галубы, плакалi, просячы купiць iм "маножана", дзецi, а ў
прыстанцыйным павiльёне, вядомым у народзе пад назваю "мардоўня", жыцьцё iшло
сваiм ладам. Наведнiкi "мардоўнi" дымiлi "Прымаю", гаманiлi, уголас
мацюкалiся, не зважаючы на абвестку дыспэтчаркi, i толькi надрыўны воклiч:
"Каб цябе парвала!" - прымусiў некаторых зь iх схамянуцца i сьпехам дапiць
каламутнае, да рыпеньня на зубах збрыжэлае пiва. Мужчыны падалiся да выхаду, i
самы маладзейшы зь iх, Iван Бянькоў, перад тым як выйсьцi з "мардоўнi",
пранiзьлiва iкнуў.
- Што, Ваня, душа з Богам размаўляе? - гукнулi з натоўпу, i Ваня iкнуў
другiм разам, адчайна страсянуўшы плечукамi.
Убiўшыся ў аўтобус, Iван заняў месца ля прачыненага вакна, з палёгкаю
аддзьмуўся i пiльным вокам зiрнуў на цётку Авадзiху.
- Во лезуць. I зацiснуць, калi хочаш, - казала старая, лезучы па праходзе
з двума мяхамi камбiкорму.
Авадзiха даводзiлася Iвану роднаю цёткай: мiнулым заездам ён сьцягнуў у
сваячкi тры лiтры самаробнага вiна i цяпер хваляваўся, ня ведаючы, што скажа
на гэта Авадзiха. Але старая, нiчога такога не сказаўшы, плюхнулася поруч,
задаволена ўскудлацiла пляменьнiку чупрыну, i той, чарговым разам
аддзьмуўшыся, зiрнуў у вакно.
Каля аўтобуса стаялi тыя, каму не хапiла бiлетаў. Перад Iванавым носам
варушылiся потныя патылiцы, блiскалi на сонцы плехi, матлялiся на ветры ражкi
капронавых хустак, i над усiм гэтым людзкiм шматгалоўем лунаў, драпежна
разявiўшы ляпу, блакiтнавокi сiямскi кот.
- Разарваць можа, - крыкнуў Iван бялявай дзяўчыне, якая трымала ката на
ўзьнятых руках, пасьля чаго кот разьюшана сыкнуў, а дзяўчына, працiснуўшыся
блiжэй да аўтобуса, кволым голасам пралепятала:
- Калi ласка, перадайце Маркiза маме.
"Якой маме?" - хацеў спытацца Iван, ды ў гэты момант кот сiгануў у вакно
i, правёўшы хвастом па Iванавым носе, зьнiк пад сядзеньнем.
- Во халера! - выгукнуў Iван i нечакана зноў iкнуў, уражаны страшэнным
лямантам за сьпiнай.
- Ай! Ай! Хто гэта там лезе?! - немым голасам крычала завуч Бычкоўскай
васьмiгодкi Марковiч. Антанiна Пятроўна пашнарыла рукой пад сядзеньнем,
схапiла "сiямца" за шкiрку, i кот, пакiнуўшы чырвоны пiсяг на носе
бiблiятэкаркi Забаронькi, узьбiўся на голаў нейкаму падпiтаму дзядзьку.
- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робiцца? - залямантавала старая
Авадзiха, калi падпiты дзядзька, ня сьцямiўшы, што да чаго, брыкнуў нагой
цётчынага заця, разамлелага мэханiзатара Бадунова. Бадуноў не застаўся ў
даўгу: заехаў крыўдзiцелю ў лоб, але на гэтым усё i скончылася. Дэбашыраў
разьнялi, расьцягнулi ў розныя бакi.
- Паскуда. Увесь нос абдзёр, - усхлiпнула за Iванавай сьпiнай Нiна
Забаронька.
- Духамi прыпячы, - прараiла бiблiятэкарцы завуч Марковiч. Крутнуўшы
галавой, Антанiна Пятроўна керханула





Содержание раздела