Библиотека в кармане -русские авторы

         

Шамякин Иван - Сэрца На Далонi (На Белорусском Языке)


Iван Шамякiн
Сэрца на далонi
Раман
1
Доктар Яраш стаяў на даху веранды i свiстаў, залажыўшы пальцы ў рот.
Свiстаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лiсце. У блакiтнай безданi неба
ўзнiмалася чарада чаграшоў. Галубы кружылi над дачай. У "мiкалаеўскiх
чырвоных" гарэлi крылы. Раптам чараду быццам знесла ветрам: мiг - i яна
апынулася далёка над борам. I доктар ледзь не паляцеў следам за ёю. Ступiў на
самы край даху. Пад яго цяжкiм целам натужлiва рыпнулi слупы веранды,
забрынчалi шыбы. Ён хваляваўся, як хлапчук. Сонца, што ўзнялося над борам,
бiла праменнямi ў твар, сляпiла. Яраш засланяўся ад яго не далоняй, а неяк
па-дзiцячы, локцем. З другога канца веранды стаяў яго сын Вiктар, ростам траха
не з бацьку, але худы, танклявы, даўганогi. Ён сачыў за галубамi ў палявы
бiнокль.
Ля калодзежа сядзелi на лаўцы жанчыны. Iх цiкавiлi не галубы, а
галубятнiкi.
- Смешна. Як дзiця. Цэлы дзень можа ганяць галубоў, - быццам з дакорам,
але ў той жа час з замiлаваннем да мужа сказала Галiна Адамаўна.
- А я люблю людзей, якiя могуць вось так захапляцца, - адказала Валянцiна
Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша.
- О, я прыраўную, Валя!
Сказала жартам i сама ж адчула, як трывожна ёкнула сэрца. Зачырванелася.
Валянцiна Андрэеўна ўбачыла гэтую чырвань на яе шчоках i адвярнулася ад
веранды: яна добра ведала сваю сяброўку, яе хваравiтую падазронасць.
- Было б да каго, Галя. Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Гэта мне
трэба раўнаваць. Мой Кiрыла штодзень ставiць цябе ў прыклад. Глядзi, кажа, як
Галiна ўмее сачыць за сабою, стройная, як у дваццаць год.
- Тоўстыя заўжды зайздросцяць тонкiм, - засмяялася Галiна Адамаўна,
задаволеная, што яе хваляць.
З другой палавiны дома выйшла дачка Шыковiчаў Iра, апранутая па-святочнаму
- у яркую раскляшоную спаднiцу, у белую кофтачку, белыя басаножкi. Гэтае
лёгкае адзенне пасавала i да яе стройнай постацi, i да вясёлай летняй ранiцы.
Iра паправiла акуляры i таксама пачала ўглядацца ў неба. Галубiнай чарады
яна не ўбачыла сваiмi блiзарукiмi вачамi i, зняважлiва зморшчыўшы нос,
сказала:
- Яны даўно ўжо ў горадзе, вашы галубы.
- Не каркай! - кiнуў з даху Вiктар.
Гэта быў першы гон прывезеных з горада на дачу галубоў, i бацька з сынам
моцна перажывалi - цi вернуцца яны?
Але як нi быў заняты Антон Кузьмiч галубамi, ён не пакiнуў без увагi
сынавы словы.
- Э-э, браце мой! Ты як размаўляеш з дзяўчынай? Яна ж на пяць год
старэйшая за цябе. А ты ёй - "не каркай!". Жах!
Валянцiна Андрэеўна заступiлася за хлопца:
- Не вялiкая панi. Як яна, так i да яе. Мы тут усе на "ты". Адна сям'я.
Дзяўчына з iранiчнай усмешкай зiрнула на мацi i пайшла па сцежцы да
раўчака, што працякаў метраў за сорак ад дачы. Здалёк паклiкала:
- Наташка! Хадзем на луг!
Дванаццацiгадовая дачка Ярашаў сядзела на падаконнiку, звесiўшы ногi на
двор, i чытала, абыякавая да галубоў, да якiх учора яшчэ выяўляла iнтарэс i,
магчыма, зацiкавiцца заўтра. Але сёння ёй было не да галубоў. Усю ранiцу
чытала яна "Прыгоды Гекльберы Фiна" i ўвесь час рагатала, стукаючы ад
захаплення пяткамi па сцяне. Запрашэння Iрынага яна не пачула.
Галiна Адамаўна сказала:
- Наташа, цябе клiчуць.
Дзяўчынка не адгукнулася.
- Наташка!
- Га!
- Схадзiце з Iрай на луг i нарвiце шчаўя.
- О божа! - цяжка ўздыхнула малая. - Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкi
не дадуць прачытаць чалавеку.
Жанчыны засмяялiся.
- Наталка! - гукнуў Яраш. - Не бурчы, свякруха. Кацiся абаранкам на луг.
Цябе галубы баяцца.
- Жыцця няма ад вашых галубоў. - На





Содержание раздела